Гульняманія. Як справіцца?

Зазірнуўшы першы раз у казіно або націснуўшы ў першы раз кнопку гульнявога аўтамата, чалавек не думае, што вельмі хутка азарт, кураж і эйфарыя могуць змяніцца страхам, безвыходнасцю і адзінотай. Так незаўважна можна стаць рабом гульнявой індустрыі – гульняманам.

Гульняманія (лудаманiя, гэмблiнг-залежнасць) – гэта залежнасць ад азартных, у тым ліку ад кампутарных гульняў, калі чалавек губляе цікавасць да ўсяго, што не звязана з гульнёй. Гульня становіцца цэнтральным звяном яго жыцця, самым жаданым “эмацыйным наркотыкам”.

Ад гульняманіі пакутуюць людзі розных узростаў (дзеці, падлеткі і цалкам спелыя людзі) і рознага сацыяльнага статусу.

Стадыі развіцця гульнявой залежнасці

На першай, пачатковай стадыі, чалавек гуляе перыядычна, стаўкі не падвышае, марыць аб выйгрышах і часта выйграе, часам выйгрышы даволі буйныя.

У гэты перыяд пры жаданні чалавек можа яшчэ сам адмовіцца ад гульні.

На другой стадыі чалавек часта сыходзіць з працы, каб было больш часу на гульню. Ўзрастае рызыка, з’яўляюцца пэўныя забабоны і рытуалы, звязаныя з гульнёй. Усе атрыманыя ад гульні сродкі зноў вяртаюцца ў гульню. Гульня “зацягвае” настолькі, што адмовіцца ад яе самастойна вельмі складана.

На трэцяй стадыі гульня становіцца цэнтрам ўсяго жыцця. Чалавек падчас гульні адчувае моцнае псіхічнае ўзбуджэнне. Пры абмежаваннях і забаронах чалавек праяўляе гнеў, раздражненне, лютасць. Стаўкі пастаянна растуць, але мэта гульні зараз не выйгрыш або ліквідацыя доўгу, а сам працэс, а грошы ўспрымаюцца толькі як сімвал гульні. На гэтай стадыі рэпутацыя чалавека, як правіла, безнадзейна сапсавана, “трашчаць па ўсіх швах” адносіны з сябрамі, роднымі. Чалавек часта адчувае раскаянне, але імкнецца апраўдаць сябе, перакладаючы віну на іншых.

Самастойна справіцца з залежнасцю ён ужо не можа.

На чацвёртай стадыі перыяды ўстрымання ад гульні вельмі малыя і то толькі прымусова, напрыклад, адключэнне электрычнасці. Нават у вольны ад гульні час залежны чалавек пагружаны ў гульнявыя фантазіі, пошук грошай. Ён пачынае падманваць блізкіх людзей, каб вынесці грошы ці каштоўныя рэчы з дому, займае наяўныя грошы, каб расплаціцца з пазыкамі і аплаціць пройгрышы. Дзеля свайго захаплення гатовы пайсці нават на злачынства. Чалавек адчувае безвыходнасць, думае пра самагубства і нават прадпрымае спробы. На гэтай стадыі магчымыя праблемы з праваахоўнымі органамі, прыхільнасць да алкаголю, эмацыянальнае крушэнне і сімптомы вар’яцтва.

Без дапамогі спецыяліста (урача-псіхатэрапеўта, псіхолага) справіцца з залежнасцю ўжо немагчыма.

Наступствы гульнявой залежнасці
  • пастаянныя канфлікты з блізкімі людзьмі, распад сям’і;
  • страта сяброў, работы, страта сацыяльнага статусу;
  • вялікі грашовы доўг (калі гульня вялася на грошы);
  • разбурэнне фізічнага і псіхічнага здароўя;
  • дэградацыя асобы.
Лячэнне гульняманіі

На пачатковай стадыі гульнявой залежнасці можна паспрабаваць самастойна справіцца з праблемай, не звяртаючыся да дапамогі адмыслоўцаў:

  • стабілізаваць становішча ў сям’і, пазбягаць канфліктаў, скандалаў, якія толькі пагаршаюць гульняманіі;
  • “пераключыць” залежнага чалавека на актыўны адпачынак, сустрэчы з сябрамі, вандроўкі, іншыя хобі;
  • павысіць яго статус у сям’і, на працы – хай ён адчуе, што можа быць значным і патрэбным не толькі падчас гульні, але і ў рэальным жыцці; даказаць, што жыццё па-за гульнёй таксама можа быць цікавым.

Калі гульнявая залежнасць дасягнула другой, а тым больш трэцяй цi чацвёртай стадыі, неабходна спецыялізаваная дапамога ўрача-псіхатэрапеўта, які прапануе комплекснае лячэнне з улікам асаблівасцяў асобы:

  • зробіць аналіз прычын, якія прывялі да гульнявой залежнасці;
  • правядзе псiхакарэкцыю, навучыць самакантролю і самарэгуляцыі;
  • распрацуе індывідуальную медыкаментозную схему лячэння.

Каб лячэнне было паспяховым і чалавек змог вярнуцца да паўнацэннага жыцця, поўнай шчасця, задавальнення і любові, але без гульняў, неабходна адна важная ўмова: хворы гульняманіяй павінен сам разумець, што ён з’яўляецца залежным, і прыняць гэта.

Парады членам сям’і і сябрам чалавека, які пакутуе прыхільнасцю да азартных гульняў
  1. Перш за ўсё, абараніце сябе і паклапаціцеся пра сябе: пагаворыце пра гэта з сябрам або спецыялістам.
  2. Выкарыстоўвайце сваю энергію на тое, каб змяніць сваю ўласную сітуацыю, а не сітуацыю чалавека, які пакутуе прыхільнасцю да азартных гульняў.
  3. Не ўспрымайце такія паводзіны вашага сябра, сваяка, мужа (жонкі) як здраду, хоць у вас ёсць права на такія пачуцці.
  4. Вы маеце права злавацца, але не спрабуйце схаваць гэта. Вам трэба навучыцца правільна даваць выхад сваім пачуццям.
  5. Не спрабуйце ўсталяваць кантроль над жыццём гульнямана – гэта не дапаможа і толькі прымусіць вас яшчэ болей пакутаваць.
  6. Звяртайцеся да залежнага ад азартных гульняў чалавека як да роўнага. Не імкніцеся абараняць яго.
  7. Падайце яму магчымасць узяць на сябе адказнасць за свае паводзіны: хай ён сам тлумачыцца з крэдыторамі і на працы. Вы не павінны, дапамагаючы яму, звяртацца да хлусні і падману.
  8. Ня пазычайце гульняманам грошаў і не аплачвайце яго даўгі.
  9. Звярніцеся па юрыдычную, фінансавую і іншыя кансультацыi, каб ведаць, што можна зрабіць у вашай сітуацыі.
  10. Адкрыта раскажыце пра свае пачуцці чалавеку, які пакутуе прыхільнасцю да азартных гульняў.
  11. Падтрымайце яго ў яго барацьбе з залежнасцю, але не бярыце яго цяжар сябе. Магчыма, вам прыйдзецца сказаць: “Я хачу дапамагчы табе, я буду побач, але я не змагу зрабіць гэта за цябе”.

Ведайце, што ўся гульнявая сістэма трымаецца на грашовых сродках гульцоў. Менавіта за іх рахунак гаспадары казіно, букмекерскіх кантор або анлайн-гульняў багацеюць, руйнуючы сям’і людзей, залежных ад азартных гульняў.

Не верце ў лёгкія грошы, гэта самападман, які засмоктвае людзей з галавой, як зыбучы пясок. Заўсёды памятайце гэта і пры любых абставінах заставайцеся гаспадарамі свайго жыцця!

Па матэрыялах ГУ “Брэсцкі абласны цэнт гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя”,
УАЗ “Брэсцкі абласны псіханеўралагічны дыспансер”