Зазірнуўшы першы раз у казіно або націснуўшы ў першы раз кнопку гульнявога аўтамата, чалавек не думае, што вельмі хутка азарт, кураж і эйфарыя могуць змяніцца страхам, безвыходнасцю і адзінотай. Так незаўважна можна стаць рабом гульнявой індустрыі – гульняманам.
Гульняманія (лудаманiя, гэмблiнг-залежнасць) – гэта залежнасць ад азартных, у тым ліку ад кампутарных гульняў, калі чалавек губляе цікавасць да ўсяго, што не звязана з гульнёй. Гульня становіцца цэнтральным звяном яго жыцця, самым жаданым “эмацыйным наркотыкам”.
Ад гульняманіі пакутуюць людзі розных узростаў (дзеці, падлеткі і цалкам спелыя людзі) і рознага сацыяльнага статусу.
Стадыі развіцця гульнявой залежнасці
На першай, пачатковай стадыі, чалавек гуляе перыядычна, стаўкі не падвышае, марыць аб выйгрышах і часта выйграе, часам выйгрышы даволі буйныя.
У гэты перыяд пры жаданні чалавек можа яшчэ сам адмовіцца ад гульні.
На другой стадыі чалавек часта сыходзіць з працы, каб было больш часу на гульню. Ўзрастае рызыка, з’яўляюцца пэўныя забабоны і рытуалы, звязаныя з гульнёй. Усе атрыманыя ад гульні сродкі зноў вяртаюцца ў гульню. Гульня “зацягвае” настолькі, што адмовіцца ад яе самастойна вельмі складана.
На трэцяй стадыі гульня становіцца цэнтрам ўсяго жыцця. Чалавек падчас гульні адчувае моцнае псіхічнае ўзбуджэнне. Пры абмежаваннях і забаронах чалавек праяўляе гнеў, раздражненне, лютасць. Стаўкі пастаянна растуць, але мэта гульні зараз не выйгрыш або ліквідацыя доўгу, а сам працэс, а грошы ўспрымаюцца толькі як сімвал гульні. На гэтай стадыі рэпутацыя чалавека, як правіла, безнадзейна сапсавана, “трашчаць па ўсіх швах” адносіны з сябрамі, роднымі. Чалавек часта адчувае раскаянне, але імкнецца апраўдаць сябе, перакладаючы віну на іншых.
Самастойна справіцца з залежнасцю ён ужо не можа.
На чацвёртай стадыі перыяды ўстрымання ад гульні вельмі малыя і то толькі прымусова, напрыклад, адключэнне электрычнасці. Нават у вольны ад гульні час залежны чалавек пагружаны ў гульнявыя фантазіі, пошук грошай. Ён пачынае падманваць блізкіх людзей, каб вынесці грошы ці каштоўныя рэчы з дому, займае наяўныя грошы, каб расплаціцца з пазыкамі і аплаціць пройгрышы. Дзеля свайго захаплення гатовы пайсці нават на злачынства. Чалавек адчувае безвыходнасць, думае пра самагубства і нават прадпрымае спробы. На гэтай стадыі магчымыя праблемы з праваахоўнымі органамі, прыхільнасць да алкаголю, эмацыянальнае крушэнне і сімптомы вар’яцтва.
Без дапамогі спецыяліста (урача-псіхатэрапеўта, псіхолага) справіцца з залежнасцю ўжо немагчыма.
Наступствы гульнявой залежнасці
- пастаянныя канфлікты з блізкімі людзьмі, распад сям’і;
- страта сяброў, работы, страта сацыяльнага статусу;
- вялікі грашовы доўг (калі гульня вялася на грошы);
- разбурэнне фізічнага і псіхічнага здароўя;
- дэградацыя асобы.
Лячэнне гульняманіі
На пачатковай стадыі гульнявой залежнасці можна паспрабаваць самастойна справіцца з праблемай, не звяртаючыся да дапамогі адмыслоўцаў:
- стабілізаваць становішча ў сям’і, пазбягаць канфліктаў, скандалаў, якія толькі пагаршаюць гульняманіі;
- “пераключыць” залежнага чалавека на актыўны адпачынак, сустрэчы з сябрамі, вандроўкі, іншыя хобі;
- павысіць яго статус у сям’і, на працы – хай ён адчуе, што можа быць значным і патрэбным не толькі падчас гульні, але і ў рэальным жыцці; даказаць, што жыццё па-за гульнёй таксама можа быць цікавым.
Калі гульнявая залежнасць дасягнула другой, а тым больш трэцяй цi чацвёртай стадыі, неабходна спецыялізаваная дапамога ўрача-псіхатэрапеўта, які прапануе комплекснае лячэнне з улікам асаблівасцяў асобы:
- зробіць аналіз прычын, якія прывялі да гульнявой залежнасці;
- правядзе псiхакарэкцыю, навучыць самакантролю і самарэгуляцыі;
- распрацуе індывідуальную медыкаментозную схему лячэння.
Каб лячэнне было паспяховым і чалавек змог вярнуцца да паўнацэннага жыцця, поўнай шчасця, задавальнення і любові, але без гульняў, неабходна адна важная ўмова: хворы гульняманіяй павінен сам разумець, што ён з’яўляецца залежным, і прыняць гэта.
Парады членам сям’і і сябрам чалавека, які пакутуе прыхільнасцю да азартных гульняў
- Перш за ўсё, абараніце сябе і паклапаціцеся пра сябе: пагаворыце пра гэта з сябрам або спецыялістам.
- Выкарыстоўвайце сваю энергію на тое, каб змяніць сваю ўласную сітуацыю, а не сітуацыю чалавека, які пакутуе прыхільнасцю да азартных гульняў.
- Не ўспрымайце такія паводзіны вашага сябра, сваяка, мужа (жонкі) як здраду, хоць у вас ёсць права на такія пачуцці.
- Вы маеце права злавацца, але не спрабуйце схаваць гэта. Вам трэба навучыцца правільна даваць выхад сваім пачуццям.
- Не спрабуйце ўсталяваць кантроль над жыццём гульнямана – гэта не дапаможа і толькі прымусіць вас яшчэ болей пакутаваць.
- Звяртайцеся да залежнага ад азартных гульняў чалавека як да роўнага. Не імкніцеся абараняць яго.
- Падайце яму магчымасць узяць на сябе адказнасць за свае паводзіны: хай ён сам тлумачыцца з крэдыторамі і на працы. Вы не павінны, дапамагаючы яму, звяртацца да хлусні і падману.
- Ня пазычайце гульняманам грошаў і не аплачвайце яго даўгі.
- Звярніцеся па юрыдычную, фінансавую і іншыя кансультацыi, каб ведаць, што можна зрабіць у вашай сітуацыі.
- Адкрыта раскажыце пра свае пачуцці чалавеку, які пакутуе прыхільнасцю да азартных гульняў.
- Падтрымайце яго ў яго барацьбе з залежнасцю, але не бярыце яго цяжар сябе. Магчыма, вам прыйдзецца сказаць: “Я хачу дапамагчы табе, я буду побач, але я не змагу зрабіць гэта за цябе”.
Ведайце, што ўся гульнявая сістэма трымаецца на грашовых сродках гульцоў. Менавіта за іх рахунак гаспадары казіно, букмекерскіх кантор або анлайн-гульняў багацеюць, руйнуючы сям’і людзей, залежных ад азартных гульняў.
Не верце ў лёгкія грошы, гэта самападман, які засмоктвае людзей з галавой, як зыбучы пясок. Заўсёды памятайце гэта і пры любых абставінах заставайцеся гаспадарамі свайго жыцця!
Па матэрыялах ГУ “Брэсцкі абласны цэнт гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя”,
УАЗ “Брэсцкі абласны псіханеўралагічны дыспансер”